Развіцце беларускага маўлення

Развіццё беларускага маўлення дзяцей

     Блізкасць рускай і беларускай мовы ў сітуацыі блізкароднаснага двухмоўя прыводзіць да моўнай інтэрферэнцыі - пранікненню беларусізмаў у рускае маўленне дзяцей і русізмаў - у беларускае. Дашкольнікі не заўважаюць сваіх памылак, у іх не фарміруецца "чуццё" адной і другой мовы. Авалодаць правільным беларускім маўленнем дашкольнікі могуць толькі ў ходзе мэтанакіраванага навучання нацыянальнай мове.

     Псіхалагічна правільным шляхам навучання дашкольнікаў беларускай мове, развіцця ў іх беларускага маўлення з'яўляецца той, які спалучае, з аднаго боку, неўсвядомленае засваенне беларускай мовы ў штодзённых зносінах (праслухоўванне і абмеркаванне мастацкіх твораў, удзел у беларускіх народных гульнях), і з другога - спецыяльна арганізванае навучанне (заняткі па развіццю беларускага маўлення і мастацкай літаратуры).

     Развіццё беларускага маўлення дзяцей неабходна ажыццяўляць паэтапна, пачынаючы з паступовага ўвядзення беларускай мовы ў розныя віды дзейнасці дзяцей ужо ранняга ўзросту. Гэта робіцца з мэтай развіцця ў малых першапачатковых навыкаў разумення мовы, умення паўтараць за выхавальнікам і па меры магчымасці самастойна ўзнаўляць узоры беларускага маўлення, што служыць фарміраванню ў іх пачуццёвай асновы руска-беларускага двухмоўя.

    На наступным этапе працягваецца навучанне дашкольнікаў малодшага і сярэдняга ўзросту рэпрадуктыўнаму беларускаму маўленню, ажыццяўляецца навучанне прадуктыўнаму маўленню - уменню будаваць самастойныя па змесце і форме выказванні на беларускай мове.

    Нарэшце, у старэйшых дашкольнікаў, акрамя рэпрадуктыўнага і прадуктыўнага маўлення (з элементамі творчасці), фарміруецца пачатковае асэнсаванне некаторых асаблівасцей беларускай мовы.

    Навучанне на кожным наступным этапе ажыццяўляецца на фоне далейшага развіцця і ўдасканалення маўленчых навыкаў дзяцей, набытых на папярэдніх этапах.